Савицкий Александр - Белы Гарлачык (На Белорусском Языке)
Алесь Савiцкi
Белы гарлачык
Васiлiна ляжала на ложку, гартала кнiжку ў чырвонай вокладцы - толькi што
скончыла чытаць - i думала, i думкi былi там, у тым свеце, дзе жыла другая
Васiлiна, смелая i настойлiвая дзяўчына, якую вяскоўцы звалi цёпла i паэтычна
- Вяснянка. Той свет быў далёкi i, у той жа час, вельмi блiзкi,
хвалююча-дзiвосны. Колькi разоў чытала гэтую кнiжку, а ўсё вабiць, i заўжды,
калi робiцца тужлiва, перагорнеш старонкi i знойдзеш нешта такое, што iмпануе
настрою: нiбыта пра яе напiсана, Васiлiну Хацько, якая працуе тынкоўшчыцай i
жыве ў адным пакоi з Адэляй. Ды Адэлi што! Адзiны клопат у яе -
прыхарошваецца!
- Дык ты пойдзеш з намi цi не? - зноў запытала Адэля, усё яшчэ стоячы ля
люстэрка. - Такое сонейка, а яна - ляжыць. Пад ляжачы камень, сама ведаеш...
- Часам i пад ляжачы цячэ!
- Прыдумляеш! А як губы? Фарбы цi не замнога?
- Фарбу дык шкадуе. А туфлiкi? Ты ж iх пашкрабаеш у лесе.
- Адчапiся! - Адэля махнула рукою. - Хлопцы на ножку ой як глядзяць. Iм да
спадобы, калi блiшчыць. Ну, бягу!..
Васiлiна засталася адна. Людскi тлум у калiдорах будтрэстаўскага iнтэрната
сцiшыўся. Скрозь фiранкi прабiвалася сонечнае святло, клалася ўзорыстай
мярэжкаю да дыванка, i ад яе зiхацеў краёк люстэрка. Вецер гайдаў галiны
старога ясакара, што рос за акном, i мярэжка на падлозе варушылася, амаль
няўлоўна для зроку мяняла абрысы: вось быццам белыя хвалi пакацiлiся, нечакана
спынiлiся, павярнулi ў другi бок, зрабiлiся падобныя на вялiкiя i няроўныя
плямы - гэтак застывае тынкоўка, калi яе пакiнуць на ноч у скрынi. Аднойчы
такое зрабiла i Васiлiна ў першыя днi свае працы на будоўлi. Брыгадзiр
сварыўся тады на маладых тынкоўшчыц, i болей за ўсiх дасталося Васiлiне, хоць
была яна вiнаватай меней чым хто.
Вецер дзьмуў парывамi; галiны ясакара выгiналiся. Лапаткi сухi пошум
лiсцiн абуджаў тугу. Нешта ж дужа непаблажлiвы твой лёс, Васiлiна! Праўда,
асаблiва няма чаго i крыўдаваць. Зрабiлася яна добрай тынкоўшчыцай, амаль
перад кожным святам атрымлiвае прэмiю. Але навошта ёй тыя прэмii? Адэля вось i
без iх жыве ў сто разоў весялей, не сумуе, хоць i не вiсiць яе партрэт на
Дошцы гонару. Сабралася i пакацiла ў лес. I амаль усе дзяўчаты з iнтэрната
пакацiлi туды. Вядома, там i хлопцы, i весялосць, i песнi... Адэля казала, што
сёння знарок будзе ласкава ўсмiхацца толькi Мiколу, каб Сцяпан дужа нос не
задзiраў i не задаваўся. Шанцуе ёй, гэтай Адэлi! А ўсё - прыгажосць! Адэля
прыгожая, дык хлопцы ля яе i ўвiваюцца. А Васiлiну нiхто з хлопцаў нiколi не
запрашаў на гулянкi, не прызначаў спатканняў ля Дзвiны i, вiдаць, прызначаць
не будзе... Гэтулькi дзяўчат нарасло! Маладыя, прыгожыя - вось каго кахаць. А
ў яе i вучоба даўно скончана, i працуе Васiлiна даўно. Яе нiхто не пакахаў.
Што ж застаецца цяпер? Чакаць? Але чаго? Каго? I дакуль? Да трыццацi гадоў?..
На столi мiтусiлiся светлыя плямкi, потым сцiшылiся, варушылiся марудна i
спаважна, нiбы крыгi плылi па Дзвiне ў вясновую паводку. Васiлiна заплюшчыла
вочы i выразна, як бы ў сапраўднасцi, убачыла i раку, i зiхатлiвыя крыгi, што
наплывалi адна на адну, пенячы вакол ваду, i тонкiя чырвоныя вербалозы. Трошкi
кружылася галава, салодка i прыемна замiрала сэрца. А во каб на такой крызе ды
апынуўся маленькi хлопчык. Тады Васiлiна смела б кiнулася ў раку, выратавала б
яго. Можна пасля i захварэць. I памерцi нават. Усе збяруцца тады вакол яе
труны, будуць хвалiць яе мужны ўчынак, шкадаваць, што не заўважылi раней такой
мужнай, шчырай i смелай дзяўчыны, нават з